ЗАСЛА́ЎСКІЯ КУРГА́ННЫЯ МО́ГІЛЬНІКІ,

група археал. помнікаў на тэр. і ў ваколіцах г. Заслаўе Мінскага р-на. Захаваліся рэшткі 8 могільнікаў. Даследаваны 142 курганы (большасць 2-й пал. 10—1-й пал. 11 ст.), належаць пераважна крывічам, таксама дрыгавічам, невял колькасць інш. усх.-слав. плямёнам, фіна-уграм і балтам. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце, зрэдку ў падкурганных ямах і насыпе, у 5 курганах — трупаспаленне. Пахавальны інвентар — зброя (коп’і, суліцы, сякеры, булава), упрыгожанні (скроневыя кольцы, шыйныя грыўні, каралі, бранзалеты), рэчы хатняга ўжытку (кераміка, нажы, грабяні і інш.), манеты.

т. 6, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)